СПАЖЫВЕ́ЦКІ КО́ШЫК,
навукова абгрунтаваны, збалансаваны набор тавараў і паслуг, якія забяспечваюць функцыян. патрэбы чалавека ў пэўныя адрэзкі часу, зыходзячы з канкрэтных умоў і асаблівасцей, якія ўсталяваліся ў краіне. З’яўляецца таксама асновай пры параўнанні разліковых і рэальных узроўняў спажывання. Фарміруецца па артыкулах расходаў чалавека або сям’і на: харчаванне (хлеб і хлебабулачныя вырабы, мясныя і малочныя прадукты, яйкі, рыба і рыбапрадукты, бульба, агародніна, садавіна і ягады, алей, цукар і інш.); адзенне, бялізна, абутак; тавары працяглага карыстання; расходы на сац.-культ. патрэбы і г.д. Структура і склад С.к. пераглядаюцца з улікам сац.-эканам. развіцця краіны і змен у нормах спажывання грамадзян.
т. 15, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)